21-22 красавіка 2018 года ў Беларусі ў 9 раз адбыўся «Фэст экскурсаводаў», падчас якога па ўсёй краіне можна было бясплатна наведаць самыя разнастайныя экскурсіі.
«Фэст экскурсаводаў» прысвечаны Міжнароднаму дню помнікаў і мясцінаў (International Day for Monuments and Sites), які, па ініцыятыве ЮНЕСКА, адзначаецца штогод 18 красавіка, але хадзіць на экскурсіі зручней у выходныя дні, таму «Фэст экскурсаводаў» у гэтым годзе прайшоў у бліжэйшы вікэнд пасля свята. Праводзіць экскурсіі ў гэты дзень могуць усе жадаючыя, дастаткова своечасова падаць заяўку на правядзенне экскурсіі на сайце festguides.by. Звычайна заяўкі падаюць як прафесійныя экскурсаводы, так і простыя аматары гісторыі, мясцовыя краязнаўцы.
Як правіла большая колькасць экскурсій у гэтыя дні праходзіць у г.Мінску, аднак усё часцей экскурсіі праводзяць і ў рэгіёнах. У гэтым годзе ўпершыню «Фэст экскурсаводаў» прайшоў у нашым раёне. 22 красавіка сумеснымі намаганнямі аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама і Валянціны Бараноўскай (дырэктара брэсцкага філіяла турфірмы «ТОП-ТУР») была праведзена веласіпедная экскурсія "Старонкі біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі", у якой прынялі ўдзел 26 веласіпедыстаў з Брэста, Кобрына і Жабінкі. Інфармацыю аб гэтай экскурсіі можна было атрымаць з розных крыніц: афіцыйнага сайта «Фэста экскурсаводаў», сацыяльных сетак, або з газеты "Сельская праўда".
Стартавала экскурсійная група з цэнтральнай плошчы г. Жабінкі і рушыла па аўтадарозе Р7 у бок першага пункта наведвання – Жабінкаўскага раённага гісторыка-краязнаўчага музея ў в. Малыя Сяхновічы. Надвор'е ў гэты дзень стаяла яснае і сонечная – ідэальнае для падарожжа. У музеі экскурсантаў сустрэла дырэктар Падрубная Жанна Мікалаеўна, а займальную экскурсію па музею правёў навуковы супрацоўнік – Юроўскіх Мікалай.
Першым пунктам наведвання в. Малыя Сяхновічы была выбрана не выпадкова, бо менавіта тут знаходзілася радавое гняздо Касцюшкаў-Сяхновіцкіх, дзе сам Тадэвуш Касцюшка пражыў больш за 5 гадоў, а па некаторым дадзеным і зусім нарадзіўся тут.
Ад в. Малыя Сяхновічы група экскурсантаў паехала да в. Вялікія Сяхновічы, дзе я падаў інфармацыю пра гісторыю гэтай вёскі і мясцовай Мікалаеўскай царквы 1727 года пабудовы, у якой, магчыма, быў першапачатковай ахрышчаны будучы «герой двух кантынентаў».
Далей група, праз в. Грыцэвічы і в. Новыя Дворы, рушыла да ПМК-19 г. Жабінкі, дзе размешчаны гісторыка-экспазіцыйны комплекс развіцця меліярацыі зямель. Вядучы інжынер ПМК-19 Вайноўскі Пётр Уладзіміравіч правёў экскурсію для групы па экспанатах комплексу, які ўключае ў сябе больш за 130 адзінак унікальных меліярацыйных машын і механізмаў.
Вядома, што ўпершыню меліярацыя зямель, якія сёння знаходзяцца ў складзе Жабінкаўскага раёна, пачалася яшчэ ў XVI стагоддзі, праз стагоддзе пасля таго, як кароль Казімір IV Ягелончык падараваў Сяхновічы роду Касцюшка.
Ад ПМК-19 экскурсанты рушылі да Мікіцкай царквы ў былой в. Здзітава. Тут, дзякуючы настаяцелю храма - Айцу Стэфану і былому старасце храма Кузічу Міхаілу Мірановічу была падрабязна выкладзена вядомая на сёння інфармацыя пра царкву, а таксама праведзена экскурсія ўнутры храма.
Храм святога велікамучаніка Мікіты ў в. Здзітава быў пабудаваны ў 1502 годзе і з'яўляецца старэйшым драўляным храмам Беларусі. Вёска Здзітава і Свята-Мікіцкая царква непарыўна звязаны з продкамі знакамітага генерала Тадэвуша Касцюшкі. Вядома, што ў XVI ст. Здзітаўскую сядзібу арэндаваў Людвіг Касцюшка. У Свята-Мікіцкую царкву хадзілі на службу прадстаўнікі не аднаго пакалення славутага роду. Тут і адпявалі палкоўніка Людвіга Касцюшка-Сяхновіцкага (1700-1758) – бацьку будучага кіраўніка нацыянальна-вызваленчага паўстання 1794 г.
Наступнай кропкай на шляху групы стаў гідравузел «Залуззе» на рацэ Мухавец (частка Днепра-Бугскага воднага шляху). Удзельнікам «Фэста экскурсаводаў» судапрапускніком Астапуком Анатолем Мікалаевічам была расказана гісторыя будаўніцтва гідравузла, сістэма работы шлюза і гідраэлектрастанцыі.
Праблема злучэння Дняпра з Віслай праз Прыпяць і Заходні Буг узнікла ў сярэдзіне XVII стагоддзя, аднак ад прапановы і да яе ажыццяўлення прайшло больш за 100 год. У 1775-1783 гадах паміж рэкамі Піна і Мухавец быў прарыты канал, які атрымаў назву Каралеўскі. Для харчавання канала былі пабудаваныя вадапажыўныя сістэмы Белаазёрская і Арэхаўская. Так з'явіўся Днепра-Бугскі водны шлях.
Далей група экскурсантаў паехала да в. Чыжэўшчына, якая была апошняй кропкай эксурсіі. Тут асноўнай мэтай наведвання была абраная капліца, усталяваная ў памяць аб воінах, якія загінулі ў Крупчыцкай бітве 17 верасня 1794 года – найбуйнейшай бітвы часоў паўстання Касцюшкі на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Валянціна Бараноўская падрабязна распавяла аб ходзе бітвы і пра тое, як яна паўплывала на лёс мясцовых жыхароў.
Крупчыцы - былая вёска, якая ўвайшла ў склад вёскі Чыжэўшчына. 17 верасня 1794 года, у ходзе паўстання Тадэвуша Касцюшкі, паміж атрадам паўстанцаў пад камандваннем Караля Серакоўскага і атрадам расійскай імператарскай арміі пад камандваннем Аляксандра Суворава адбылася бітва, удзел у якой прыняло да 17 тысяч ваяроў (каля 12 тысяч з боку Суворава і 5 тысяч з боку Серакоўскага).У выніку бітвы перамогу атрымаў атрад Аляксандра Суворава, а Караль Серакоўскі вымушаны быў адступіць.
Усяго ўдзельнікамі велаэкскурсіі "Старонкі біяграфіі Тадэвуша Касцюшкі" была пераадолена адлегласць каля 55 км, наведаны 6 розных турыстычных аб'ектаў. Усе ўдзельнікі засталіся вельмі задаволеныя і доўга выказвалі падзяку арганізатарам, што змаглі прыняць удзел у «Фэсце экскурсаводаў» і змаглі бліжэй пазнаёміцца з фрагментамі біяграфіі слаўнага сына Берасцейскай зямлі.
Вялікі дзякуй усім удзельнікам велаэкскурсіі, што засталіся неабыякавымі да мясцовай гісторыі, а таксама ўсім тым людзям, якія сустрэлі нас на наведаных аб'ектах і распавялі пра іх. На жаль, група не паспявала наведаць яшчэ адзін пункт экскурсіі - «Сядзібу Шадрыных», дзе Павел Шадрын збіраўся паказаць свой хатні музей арыгінальных вырабаў, выкананых ім з дапамогай мастацкай разьбы па дрэву. Не сядзіце на месцы і вы, паважаныя чытачы, вандруйце, пазнавайце гісторыю сваёй зямлі, захапляйцеся краявідамі нашай Беларусі! //Антон Пацай, інспектар па турызме аддзела адукацыі, спорту і турызму Жабінкаўскага райвыканкама